САВЕ́ЦКА-ФРАНЦУ́ЗСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ.
Пакт 1932 аб ненападзе паміж СССР і Францыяй, падпісаны 29 ліст. ў Парыжы. Краіны пацвердзілі прынцып адмаўлення ад вайны як сродку вырашэння міжнар. спрэчак, абавязаліся не ваяваць адна супраць адной, не ўмешвацца ва ўнутр. справы адна адной, не перашкаджаць развіццю ўзаемнага гандлю. Тэрмін дзеяння пакта не быў вызначаны. Дагавор 1935 аб узаемнай дапамозе, падпісаны 2 мая ў Парыжы на 5 гадоў. Урады абедзвюх дзяржаў абавязваліся пры пагрозе нападу на адзін з бакоў якой-н. еўрап. дзяржавы пачаць адразу кансультацыі, у выпадку нападу на СССР або Францыю адразу аказаць дапамогу і падтрымку. Пасля зрыву Маскоўскіх перагавораў 1939 дагавор фактычна страціў значэнне. Франка-савецкае камюніке 1942 аб адносінах урада СССР да руху «Змагарная Францыя» і «Французскага нацыянальнага камітэта», падпісана 28 верасня. Сав. ўрад выказаў гатоўнасць памагчы руху Супраціўлення, прызнаў Французскі нац. камітэт кіраўнічым органам «Змагарнай Францыі» і адзіным органам, які мае права арганізоўваць удзел у вайне франц. грамадзян і тэрыторыі і прадстаўляць іх інтарэсы пры ўрадзе СССР. Дагавор 1944 аб саюзе і ўзаемнай дапамозе, падпісаны ў Маскве 10 снежня. СССР і Францыя абавязваліся: працягваць сумесную барацьбу да перамогі над фаш. Германіяй, не ўступаць з ёю ў сепаратныя перагаворы і не заключаць без узаемнай згоды перамір’я ці міру з гітлераўскім урадам; пасля вайны разам рабіць усе неабходныя захады для ліквідацыі любой інш. пагрозы з боку Германіі, не ўдзельнічаць у кааліцыях, накіраваных супраць дагаворных бакоў. Прыём у 1955 ФРГ у НАТО быў расцэнены сав. бокам як парушэнне Францыяй узятых на сябе абавязацельстваў, таму дагавор быў ануляваны Вярх. Саветам СССР у тым жа годзе. Савецка-французская дэкларацыя 1966, падпісана 30 чэрв. ў Маскве. Бакі выказалі жаданне развіваць узаемныя абмены і супрацоўніцтва, вырашылі прадаўжаць паміж сабой кансультацыі па еўрап. і інш. міжнар. праблемах. Дэкларацыя падкрэслівала значэнне падпісаных міжурадавых пагадненняў аб супрацоўніцтве ў галіне вывучэння і асваення касм. прасторы ў мірных мэтах і аб навук.-тэхн. і эканам. супрацоўніцтве. Савецка-французскі пратакол 1970, падпісаны 13 кастр. ў Маскве. Пацвердзіў палажэнні дэкларацыі 1966. Бакі дамовіліся ў выпадку, калі ўзнікнуць сітуацыі, якія пагражаюць парушыць мір або выклікаць міжнар. напружанасць, адразу ўступіць у кантакт адзін з адным, каб узгадніць пазіцыі, расшыраць і паглыбляць паліт. кансультацыі па важных міжнар. праблемах. Савецка-французская дэкларацыя 1971, падпісана ў Парыжы 30 кастрычніка. Пацвердзіла пратакол 1970 і адзначыла, што супрацоўніцтва паміж СССР і Францыяй не накіравана супраць інтарэсаў якога-н. народа, а мае на мэце садзейнічаць аднаўленню міру ў раёнах канфліктаў, эканам. развіццю і паляпшэнню ўмоў жыцця народаў, рэгуляваць спрэчныя пытанні мірнымі сродкамі. Абмен пісьмамі аб папярэджанні выпадковага або несанкцыяніраванага выкарыстання ядзернай зброі. Адбыўся 16.7.1976 у Маскве. Краіны абавязаліся ажыццяўляць і ўдасканальваць арганізац. і тэхн. меры па прадухіленні выпадковага або несанкцыяніраванага выкарыстання ядзернай зброі, якая знаходзіцца пад іх кантролем. Праграма далейшага развіцця супрацоўніцтва паміж СССР і Францыяй на карысць разрадкі і міру, падпісана ў Маскве 8.4.1979, як выражэнне волі народаў абедзвюх краін да падтрымкі ўстойлівых дружалюбных адносін.
т. 14, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)